І́ШЧАЛНАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1758 у в. Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Храм аднанефавы, 2-вежавы, з 5-граннай апсідай і сакрысціямі. У аб’ёмнай кампазіцыі дамінуе гал. фасад. Яго вузкую цэнтр. плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асн. аб’ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прамавугольнымі філёнгамі і прарэзаны прамавугольнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер касцёла зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Тры алтары і амбон у стылі ракако. Гал. алтар двух’ярусны. 1-ы ярус падзелены калонамі карынфскага ордэра на 3 часткі, аддзелены ад 2-га яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры 2-га яруса — картуш з люнетай, па баках — жывапісныя панэлі і дэкар. вазы. Побач з касцёлам у 19 ст. пабудавана 1-ярусная званіца.

С.​Г.​Багласаў, Л.​Г.​Лапцэвіч.

Ішчалнаўскі Троіцкі касцёл.
Інтэр’ер Ішчалнаўскага Троіцкага касцёла.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)